17.10.2023

Малайцы дзяўчынка і дзяўчына, што не баяцца катоў

Каля прадуктовай крамы трэцца кот. За ім неадчэпна тэпае зусім маленькая, ледзь навучылася хадзіць і таму трымаецца яшчэ хістка, ступае няцвёрда і крочыць няхутка, дзяўчынка — мерыцца пагладзіць, а той не надта даецца, ухіляецца, выслізгвае з-пад рук. Гэтак сама неадчэпна, як дзяўчынка за катом, за дзяўчынкаю ходзіць, трымаючыся напагатове, каб у любы момант падхапіць яе і не даць паваліцца, мама — сама як падлетак, можна было б падумаць, што сястра, калі б раптам не сказала:

— А дай мама пагладзіць, — і таксама пацягнула да ката рукі.

Дарослыя ў такіх выпадках часцей за ўсё грэбліва загадваюць не чапаць жывёліну і палохаюць малое блохамі, каростаю ды лішаём, а то яшчэ і па-езуіцку, вясёла-заахвочвальным тонам, нібыта прапаноўваючы нейкую новую гульню, пад'юджваюць даваць насцака, маўляў, любому чужому кату, што да цябе наблізіўся, трэба так саўгануць нагою, каб адляцеў, бы мячык, — і некаторыя дзеці гэтую брыдкую гульню ахвотна прымаюць, заўзята, укладваючы ва ўдар усю сваю кволую сілу і няўклюдны спрыт, дагаджаючы бацькам, пад ухвальныя каментарыі гэтых вузкалобых агрэсіўных чыстаплюяў пляжаць ката, даганяюць і наважваюцца прыкласціся яшчэ раз, верачы, што ён дзеля таго і створаны прыродаю, каб яго футболілі.

Юнай маме каля крамы — мая павага і сімпатыя.