10.12.2019

Неспадзяванка, ад якой радасна і крыху сорамна

Сюрпрыз: перадалі мне з Мінска (без папярэджання: прыйшоў на працу — ляжыць на стале) калектыўны зборнік тэкстаў, у якім прысутнічае адзін мой даўні, студэнцкіх часоў, опус.


«Маладая плынь. Навуковы і мастацкі альманах кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ. Выпуск 1» (Мінск, 2019). На яго старонках знайшлося месца сціпламу плёну маіх шкалярскіх практыкаванняў, пошукаў, фантазій і пакут на ніве літаратуразнаўства — артыкулу «З верай у чалавека і свет. Спроба цэласнага погляду на творчасць Сакрата Яновіча». Пісаў яго, дакладна не памятаю, ці то на студэнцкую канферэнцыю, ці то ў адзін літаратурны часопіс (у часопісе ў рэшце рэшт нічога майго не было надрукавана).


Пра існаванне альманаха я не ведаў, даведаўся толькі цяпер (па-іншаму і быць не магло, бо заснавана выданне нядаўна). Тое, што мой тэкст да сённяшніх дзён захоўваўся дзесьці на кафедры ці ў асабістым архіве майго навуковага кіраўніка (ён жа галоўны рэдактар альманаха) Алеся Бельскага, таксама стала адкрыццём.

У артыкуле маім ёсць вялікая хіба: я неабгрунтавана падзяліў творчасць Сакрата Яновіча на перыяды — нібыта на пачатку творчага шляху ён, чуллівы і наіўны, пісаў толькі лірычныя мініяцюры (замалёўкі, вершы ў прозе), пазней, набіраючыся жыццёвага вопыту, стаў пісаць апавяданні, далей, пасталеўшы, узяўся за аповесці, а пад канец, расчараваўшыся ў жыцці і раззлаваўшыся на ўвесь свет, кінуўся ў публіцыстыку. Проста я знаёміўся з яго спадчынай менавіта ў такім парадку (мініяцюры, апавяданні, аповесці, публіцыстыка) — і ў мяне склалася такое ўспрыманне яго творчага шляху, а цярплівымі пошукамі і ўважлівым супастаўленнем гадоў напісання і першага апублікавання твораў я сябе тады, імпульсіўны і павярхоўны, не абцяжарваў. Такім чынам, за гэты тэкст мне сёння крыху сорамна. Крыху, а не вельмі — таму, што, па-першае, даўно тое было, а па-другое, на маю думку, усё ж ёсць рацыя ў тым, каб аналізаваць творчы свет Сакрата Яновіча ў лірычным, аналітычным і публіцыстычным аспектах.

Дзякуй усім, хто паспрыяў з’яўленню гэтага альманаха і даходжанню яго да маіх рук. Ён шмат пра што і пра каго нагадаў мне і абудзіў цэлую гаму эмоцый.